Исполнительный комитет Содружества Независимых Государств

Пашыраем гарызонты: 100 ідэй для СНД

На мінулым тыдні ў Мінску праходзіла самая маштабная і знакавая падзея ў галіне развіцця маладзёжнага супрацоўніцтва і падтрымкі маладзёжных ініцыятыў — выстава-прэзентацыя “100 ідэй для СНД”. Праходзіла яна ўпершыню і была прысвечана 25-годдзю Садружнасці Незалежных Дзяржаў і 10-годдзю Савета па справах моладзі дзяржаў — удзельніц СНД.

10 гадоў разам

Пра тое, чаго ўдалося дасягнуць за гэтыя гады ўдзельнікам, гаварылася на прэс-канферэцыі. Так, намеснік старшыні выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара СНД Канысбек Жусупбекаў расказаў, што асаблівую зацікаўленасць у развіцці супрацоўніцтва ў галіне маладзёжнай палітыкі праявілі 8 дзяржаў СНД, якія ў 2005 годзе падпісалі пагадненне аб супрацоўніцтве ў сферы работы з моладдзю: Азербайджан, Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Малдова, Таджыкістан і Расія. Па яго словах, гэта стала штуршом для ўзаемадзеяння ў падрыхтоўцы кадраў для работы ў гэтай сферы, абмену навуковымі і даведачна-інфармацыйнымі, метадычнымі матэрыяламі, а таксама для правядзення сумесных навуковых даследаванняў, канферэнцый, навуковых семінараў, мерапрыемстваў і праектаў па маладзёжнай тэматыцы.

Для рэгулявання гэтай дзейнасці і быў створаны Савет па справах моладзі дзяржаў — удзельніц СНД. Падрабязна пра вынікі 10-гадовай работы савета і пра тыя маладзёжныя ініцыятывы, якія былі на ім прапанаваны і потым рэалізаваны, падчас канферэнцыі расказаў Віктар Якжык, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь і член Савета па справах моладзі дзяржаў — удзельніц СНД. У прыватнасці, ён адзначыў тое, што моладзь з дзяржаў — удзельніц СНД прыняла актыўны ўдзел у мерапрыемствах па святкаванні 70-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. За апошнія гады Міжпарламенцкай асамблеяй дзяржаў — удзельніц СНД быў прыняты мадэльны Закон аб добраахвотніцтве (валанцёрстве). Прыняцце гэтага закона стварае новыя магчымасці для актывізацыі работы па валанцёрскім руху на ўсёй прасторы СНД, што стане новым этапам у гэтым кірунку.

“Трэба адзначыць і актыўнае супрацоўніцтва па прыцягненні моладзі ў прадпрымальніцкую дзейнасць, галоўным вынікам якога стала правядзенне кангрэсаў маладых прадпрымальнікаў, адноўленае супрацоўніцтва навукова-метадычных структур краін СНД па вывучэнні праблем моладзі, якое павінна ста?ць арыенцірам у рабоце з моладдзю на будучыню. Ужо 29 арганізацый з розных краін выказалі намер супрацоўнічаць у гэтым кірунку. Актывізаваны кантакты паміж маладымі лідарамі, расце колькасць мерапрыемстваў з іх удзелам, з’явіліся маштабныя пляцоўкі для зносін. Гэта такія міжнародныя форумы, як Лагер студэнцкага актыву славянскай садружнасці, навуковы форум “Ламаносаў” на базе Маскоўскага дзяржуніверсітэта, маладзёжны форум “Дружба без межаў”, які праходзіць у НДЦ “Зубраня”, “Дыялог культур” у Арменіі і інш. Была ўведзена практыка вызначэння на конкурснай аснове маладзёжных сталіц дзяржаў — удзельніц СНД. Некалі гэтая ідэя ўжо была агучана на савеце, і сёння маладзёжныя сталіцы вызначаюцца ў Азербайджане, Арменіі, Беларусі, рэгіёнах Расіі. Праводзяцца і навукова-метадычныя форумы, прысвечаныя праблемам моладзі, якія стартавалі апошнія 5 гадоў. Апошняе такое мерапрыемства — Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя “Традыцыі і інавацыі ў арганізацыі работы з моладдзю” — праходзіла ў лістападзе 2015 года ў Санкт-Пецярбургу. Падтрымана і прапанова расійскіх калег наконт падрыхтоўкі “Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў”, які ў 2017 годзе стане пляцоўкай, дзе кожная з краін зможа прэзентаваць значныя мерапрыемствы на бліжэйшую перспектыву”, — паведаміў Віктар Віктаравіч.

Пра студэнцкае супрацоўніцтва ў кірунку студаатрадаўскага руху расказаў першы сакратар цэнтральнага камітэта БРСМ Андрэй Белякоў. Ён адзначыў, што пакуль актыўна працуюць зводныя беларуска-расійскія атрады, у прыватнасці на будоўлях, але пачынаючы з гэтага года будуць прыкладвацца намаганні, каб да гэтага руху далучылася моладзь з іншых краін СНД.

Інавацыйны шлях да росквіту Садружнасці

Галоўныя падзеі тыдня разгарнуліся ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Менавіта тут прайшла выстава “100 ідэй для СНД” і пасяджэнне юбілейнага Савета па справах моладзі дзяржаў — удзельніц СНД. У цэнтры ўвагі апынуліся некалькі дзясяткаў маладых наватараў, якія сталі фіналістамі нацыянальных конкурсаў у Азербайджанскай Рэспубліцы, Рэспубліцы Арменія, Рэспубліцы Казахстан, Кыргызскай Рэспубліцы, Расійскай Федэрацыі і Рэспубліцы Беларусь. На суд журы яны прадставілі 38 распрацовак.

З важнай падзеяй у галіне развіцця маладзёжнага супрацоўніцтва ўдзельнікаў мерапрыемства павіншаваў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў: “Гэтая выстава аб’ядноўвае творчых і мэтанакіраваных людзей, якія займаюцца вынаходніцтвам, навукай. Вельмі хацелася б, каб ініцыятыва “100 ідэй для СНД” пашырылася, а моладзь розных краін аб’ядноўвалася і распрацоўвала сумесныя інавацыйныя праекты. Яны важныя і могуць прынесці карысць не толькі асобным дзяржавам, але і ў цэлым краінам СНД”.

Вітаючы ўдзельнікаў праекта, намеснік старшыні выканаўчага камітэта — выканаўчага сакратара СНД Канысбек Жусупбекаў выказаў надзею, што іх наватарства, неардынарнасць мыслення дапаможа “рухацца наперад ва ўсіх галінах, умацоўваць эканоміку, сацыяльную сферу, бяспеку нашых дзяржаў, а для гэтага неабходна канструктыўнае і шматбаковае ўзаемадзеянне высокапрафесійных спецыялістаў розных краін”.

Год адукацыі ў праектах

Пра тое, што гэтыя надзеі недарэмныя, сведчыла разнастайнасць сфер, у якіх прадстаўлялі свае распрацоўкі маладыя людзі. Усяго было 8 намінацый: “Хімічныя тэхналогіі і біятэхналогіі”, “Прамысловыя тэхналогіі і вытворчасць”, “Ахова здароўя”, “Медыцына, медыцынская тэхніка і тэхналогіі, фармацыя”, “Інфармацыйныя тэхналогіі”, “Культура”, “Адукацыя”, “Гасціннасць: турызм і нацыянальная культура”.

У трох апошніх намінацыях пераможцамі сталі канкурсанты з Расійскай Федэрацыі. У гэтых кірунках у Расіі было 7 праектаў з 9 прадстаўленых на конкурс, што нядзіўна — 2016 год у СНД аб’яўлены Годам адукацыі. Гэта праекты Міжнароднага маладзёжнага лагера “Дыялог”, Цэнтра развіцця добраахвотніцтва Разані, інавацыйнага вучэбнага практыка-арыентаванага прадпрыемства ў сферы агратурызму на базе фермерскай гаспадаркі. Наталля Бялова, каардынатар праекта “Таленавітая моладзь Арэнбуржжа”, атрымала перамогу ў намінацыі “Адукацыя”, прадставіўшы рэгіянальны інфармацыйна-адукацыйны партал па падтрымцы таленавітых дзяцей і моладзі Арэнбургскай вобласці. Гэтая электронная база дапамагае арыентавацца ў шматпрофільнай сістэме работы па суправаджэнні адораных дзяцей.

Другая перамога дасталася таксама за стварэнне інтэрнэт-партала, толькі краязнаўчага — “Родная Вятка” (аўтар — інтэрнэт-маркетолаг Іван Зыкаў). Праект аб’яднаў усіх, хто цікавіцца вяткінскім краязнаўствам, складаным лёсам некалі шматлікіх вёсак і сёл, жыццём продкаў сучасных жыхароў Вяткінскага краю. Рэсурс дапамагае вывучаць яго з гістарычнага ракурсу. “Цяпер у нашым краі ўсяго 700 населеных пунктаў, а было іх 40 тысяч, — гаворыць Іван. — У нашай базе даных ужо амаль 20 тысяч населеных пунктаў, якіх няма на сучасных картах. Наведвальнікі партала могуць даведацца пра цікавыя факты з гісторыі, месцазнаходжанне гэтых гарадоў, пасёлкаў і вёсак”.

Неабыякавая да гісторыі і Марыя Кісліна з Саратаўскага дзяржуніверсітэта імя М.Г.Чарнышэўскага, якая прапанавала стварыць млынавы фарпост — музейна-турыстычны комплекс на базе вадзянога млына ў Саратаўскай вобласці. Але перамогу эксперты аддалі яе зямлячцы Надзеі Токаравай з Чарапавецкага дзяржуніверсітэта і яе праекту інтэрактыўнага музея “Галінскія ветразі”. Гэта спроба дзяўчыны не даць знікнуць галоўнаму захапленню свайго бацькі, марака і суднабудаўніка, і расійскаму брэнду — суднам, высечаным сякерай. Гасцям музея разам з “камандзірам дэбаркадара” прапаноўваецца ў гульнявай форме, праз быліны і паданні, акунуцца ў тэму чаўноў, убачыць больш за 30 суднаў: ад настольных суднаў, простых чаўноў да поўнамаштабных караблёў.

Тэхналагічныя навінкі

Распрацоўкі беларускіх наватараў насілі больш тэхналагічны характар. Сярод 13 распрацовак, прадстаўленых беларусамі, былі віртуальны комплекс даследавання электраабсталявання перспектыўных лятальных апаратаў ад курсантаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, комплекс па выратаванні на вадзе ад студэнта БрТУ Антона Любахінца, кавітацыйны вадапенны насадак пажарнага ствала ад супрацоўнікаў Камандна-інжынернага інстытута МНС Рэспублікі Беларусь. Выратаванне чалавека, у тым ліку падчас пажару, — адна са шматлікіх задач універсальнага робата, якога стварыў Аляксандр Дубавіцкі, навучэнец гімназіі № 29 Мінска. Такі робат існуе пакуль толькі ў адзінкавым экзэмпляры, а вось распрацоўка Аліны Марышавай, аспіранткі фізіка-тэхнічнага інстытута НАН Беларусі, разлічана на вытворчасць. Распрацаваны ёй унікальны спосаб штампоўкі ключавых дэталей калайдара стаў лепшым у намінацыі “Прамысловыя тэхналогіі і вытворчасць”.

Некалькі распрацовак нашых суайчыннікаў былі прадстаўлены ў кірунку аховы здароўя, а пераможцам стаў калектыўны праект супрацоўнікаў Беларускай медыцынскай акадэміі паслядыпломнай адукацыі — анлайн-сэрвіс для продажу паслуг у сферы медыцынскага турызму “Клінікі Беларусі” і адаптаваны мабільны дадатак.

Высока ацэнена спроба захаваць здароўе сваіх равеснікаў Ваге Дахаяна, прэзідэнта Ларыйскага студэнцкага аб’яднання (Рэспубліка Арменія). У намінацыі “Ахова здароўя” перамогу атрымаў яго інфармацыйны праект “Ты ўсё яшчэ працягваеш курыць?”.

Выклікаў цікаваць у наведвальнікаў выставы і праект яго земляка Арцёма Паглеваняна, магістра Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Арменія, — “Разумныя” лаўкі і ліхтары”.

“Гэта будуць комплексы для вулічнага асвятлення — ліхтар і лаўка, якія будуць спажываць сонечную энергію і будуць аснашчаны фотагальнымі панэлямі. Ліхтары ў такіх комплексах будуць эфектыўнымі (асабліва пры такім доўгім сонечным дні, як у Арменіі), эканамічнымі (эксплуатацыя сістэмы каля 25 гадоў), акумулятары будуць закрытымі і не будуць патрабаваць абслугоўвання, асвятленне будзе ўключацца і выключацца аўтаматычна, і не патрэбны будуць кабелі. Седзячы на такой лаўцы, можна будзе падзарадзіць мабільны ці паслухаць музыку”, — расказвае аўтар праекта.

Новыя спосабы павышэння эфектыўнасці сонечных батарэй знайшлі і наватары з Казахстана. У прыватнасці, Райс Сейтэн, студэнт Еўразійскага нацыянальнага ўніверсітэта імя Л.М.Гумілёва, распрацаваў электронную сістэму “Сланечнік”, якая накіроўваецца па руху сонца. Падобны прынцып — лавіць энергію — прадэманстравала ў сваёй распрацоўцы “Гарызантальна-вертыкальны ветрагенератар” і дзевяцікласніца школы-ліцэя № 6 Баку (Азербайджан). Увогуле, азербайджанская дэлегацыя вылучылася маладым узростам удзельнікаў, і найбольш было менавіта школьнікаў. Так, дзевяцікласніца гэтай жа ўстановы Алізадэ Нурай Вугар выдзеліла малочнакіслыя бактэрыі. Па словах дзяўчыны, за кошт антаганістычнай здольнасці малочнакіслых бактэрый на іх аснове можна стварыць прэпараты біяабароны ад патагенных і гніласных бактэрый замест існуючых сёння антыбіётыкаў, якія маюць шырокі спектр пабочных рэакцый. Яшчэ дзве дзевяцікласніцы з Сумгаіта распрацавалі арганічную зубную пасту на аснове марскіх ракавінак. А вось перамогу ў Азербайджан павёз дзесяцікласнік з экалагічнага ліцэя № 291 Баку — праграміст Эльшан Нагізадэ, які, распрацаваўшы сістэму настройкі Windows 10, паспрабаваў пераўзысці Біла Гейтса. “Самы вялікі пралік Гейтса ў тым, што ён уключае ўсе праграмы ў адну ўтыліту”. Дзякуючы распрацоўцы Эльшана, камп’ютарныя сістэмы будуць працаваць у 7 разоў хутчэй, але пры гэтым камп’ютары ўжо не будуць награвацца.

Як адзначылі арганізатары, асноўнай мэтай выставы стала не столькі вызначэнне пераможцаў, колькі прэзентацыя патэнцыялу ўдзельнікаў. Тым больш што галоўную ўзнагароду — рэалізацыю праектаў — атрымаюць не толькі пераможцы. Па магчымасці будуць рэалізаваны ўсе прадстаўленыя на выставе праекты.

Плануючы агульнае заўтра

Ідэй на выставе было прадстаўлена толькі 38, аднак, улічваючы той інтарэс, які выклікалі маладыя наватары з розных краін, яны хутка апраўдаюць назву конкурсу. Пра гэта гаварылася падчас абмеркавання навінак выставы на пасяджэнні Савета па справах моладзі дзяржаў — удзельніц СНД.
Тэмай пасяджэння стаў і шэраг пытанняў па развіцці маладзёжнага грамадскага руху на 2016—2020 гады, пытанні дзейнасці базавых арганізацый СНД па развіцці маладзёжнага прадпрымальніцтва і работы з моладдзю, удасканаленне нарматыўных прававых актаў у сферы маладзёжнай палітыкі. Адным з вынікаў пасяджэння стала стварэнне рабочай групы па падрыхтоўцы праекта Канцэпцыі развіцця маладзёжнага добраахвотніцкага руху на прасторы СНД. Начальнік аддзела па супрацоўніцтве ў галіне культуры, спорту, турызму і моладзі Дэпартамента гуманітарнага супрацоўніцтва, агульнапалітычных і сацыяльных праблем Выканкама СНД Таццяна Кавалёва, каменціруючы вынікі пасяджэння Савета па справах моладзі дзяржаў — удзельніц СНД, адзначыла: “Валанцёрскі рух развіваецца практычна ва ўсіх краінах СНД. Дзесьці распрацаваны адпаведныя законы, дзесьці — канцэпцыі, на падставе якіх рэалізоўваецца гэты напрамак. Аднак ёсць шэраг міждзяржаўных праблем і задач. Сумесная канцэпцыя дапаможа знайсці найлепшыя спосабы падтрымкі маладзёжнага валанцёрскага руху”.

У рабочую групу ўвайшлі спецыялісты з усіх краін — удзельніц Савета па справах моладзі СНД, у тым ліку і супрацоўнікі міністэрстваў, кіраўнікі вядучых маладзёжных арганізацый. Пасля стварэння праекта канцэпцыі дакумент ва ўстаноўленым парадку будзе ўнесены на разгляд Савета кіраўнікоў урадаў СНД. Членам савета таксама быў прапанаваны для разгляду сігнальны экзэмпляр зборніка, у якім адлюстравана агульнае ўяўленне аб маладзёжнай палітыцы ў СНД.

Члены савета прэзентавалі найбольш яркія мерапрыемствы, якія пройдуць у іх краінах вясной і летам 2016 года, а таксама ў больш позняй перспектыве. Напрыклад, Расія выступіла з прапановай арганізаваць экспедыцыю з удзелам прадстаўнікоў моладзі СНД на Паўночны полюс. У цэнтры ўвагі было пытанне эфектыўнай работы базавых арганізацый краін СНД па супрацоўніцтве з моладдзю і развіцці маладзёжнага прадпрымальніцтва. Мяркуецца, што пасля зацвярджэння Савета кіраўнікоў урадаў СНД такімі арганізацыямі стануць Маскоўскі тэхналагічны ўніверсітэт і Расійскі цэнтр садзейнічання маладзёжнаму прадпрымальніцтву. Дарэчы, першы прапанаваў стварыць інтэрнэт-пляцоўку, дзе былі б сканцэнтраваны найбольш яркія маладзёжныя мерапрыемствы на прасторы Садружнасці. А Расійскі цэнтр садзейнічання маладзёжнаму прадпрымальніцтву прапаноўвае праводзіць на пастаяннай аснове кангрэсы маладых прадпрымальнікаў, удзельнікамі якіх могуць стаць як вопытныя, так і пачынаючыя прадпрымальнікі.

Беларускі бок прапанаваў працягнуць рэалізацыю праекта “100 ідэй для СНД” і праводзіць яго раз у два гады: у першы год будуць праходзіць нацыянальныя адборы, у другі — фінал на ўзроўні СНД. Былі агучаны прапановы садзейнічаць кааперацыі праектаў моладзі з розных краін. Беларускі бок таксама прапанаваў разгледзець пытанне аб наданні конкурсу “Уладар сяла” міжнароднага статусу. Дэлегацыі ўсіх краін — удзельніц савета запрошаны на Дзень моладзі на “Славянскі базар”.

Падводзячы вынікі міжнародных двухдзённых мерапрыемстваў, сустрэч, Міхаіл Жураўкоў адзначыў: “У нашых краін — надзейны тыл. Дзеці будуць сябраваць — СНД будзе развівацца”.

 

Источник: "Настаўніцкая газета"